Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі
Кангрэс заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці як штогадовае публічнае мерапрыемства, арыентаванае як на інтэлектуальную супольнасць, так і шырокія грамадскія колы Беларусі і іншых краін: экспертаў, журналістаў, грамадскіх дзеячоў, студэнтаў і г. д.
Кангрэс ініцыяваны для інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах, а таксама для спрыяння больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных і грамадскіх асяродках краін рэгіёну і свету.
Кангрэс з’яўляецца месцам прэзентацыі вынікаў даследаванняў, а таксама вынікаў працы навукоўцаў і экспертаў на працягу года. Акрамя гэтага Кангрэс дзейнічае для абмеркавання перспектыўных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў.
Кангрэс дазваляе праводзіць рэфлексію і сістэматызаваць вынікі працы даследчыкаў і экспертаў, а таксама заахвочваць практыку ўзаемнага супрацоўніцтва і камунікацыі.
Дысцыплінарны прыярытэт Кангрэса: палітычныя навукі, сацыялогія, гісторыя, інтэлектуальная гісторыя і гісторыя ідэй.
Праца Кангрэса спалучае традыцыйныя пасяджэнні спецыялістаў (у адмысловых секцыях) з супольнымі экспертнымі панэлямі і дыскусіямі па актуальным тэмам беларускай палітыкі, культуры, грамадства, рэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва.
У межах Кангрэса праводзіцца шэраг дадатковых культурных і грамадскіх мерапрыемстваў (канцэрты, выставы, публічныя дыскусіі, прэзентацыі).
Асноўнымі працоўнымі мовамі Кангрэса з’яўляюцца: беларуская і англійская (на гэтыя мовы будзе ажыццяўляцца сінхронны пераклад пленарных і сумесных пасяджэнняў). Дадатковымі мовамі камунікацыі з’яўляюцца літоўская, польская, руская. Дакладчыкі могуць прадстаўляць тэзісы і рабіць даклады на беларускай, англійскай, літоўскай, польскай і рускай мовах.
Дакладчыкі Кангрэса маюць магчымасць надрукаваць свае матэрыялы ў выглядзе тэзісаў, паведамленняў альбо асобных артыкулаў.