Асноўны арганізатар Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі з літоўскага боку – Інстытут Вялікага Княства Літоўскага – атрымаў прэстыжную прэмію імя Ежы Гедройца.
Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), а таксама пісьменнік і паэт Томас Венцлава сталі лаўрэатамі пятнаццатай прэміі імя Ежы Гедройца. Рэдакцыя вядомай польскай газеты “»Rzeczpospolita» штогод уручае прэмію асобам і інстытуцыям, якія працуюць на ўмацаванне добрых стасункаў Польшчы з дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтым разам журы адышло ад традыцыі надаваць узнагароду палякам і адзначыла асобу і інстытут з Літвы.
Урачыстасці надання ўзнагароды прайшлі ў Варшаве 1 снежня.
Як падкрэсліла сакратар журы Ганна Ваўроўска, Інстытут ВКЛ адзначаны “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур моваў, рэлігій і народаў”.
Удзел Інстытута Вялікага Княства Літоўскага ў арганізацыі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі можна разглядаць як працяг яго місіі па ўмацаванні супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі рэгіёну былога ВКЛ, а таксама развіццю дыялогу паміж культурнымі і інтэлектуальнымі элітамі.