• Інстытут «Палітычная сфера»
  • Часопіс «Палітычная сфера»
  • Belarusian Political Science Review
  • Міжнародная PhD праграма
  • Канферэнцыі
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі
  • Email
  • Facebook
  • Feedburner
  • YouTube
  • RSS
  • Беларуская
  • English
  • Lietuvių
  • Галоўная
  • Пра Кангрэс
  • Арганізатары
  • Кангрэс у СМІ
  • Працоўныя матэрыялы
  • Прэмія Кангрэса
  • Кантакты
Search the site...
Главная » Канцэпцыя » Кангрэс 2015. Спіс тэматычных блокаў і панэляў
  • Кангрэс — 2019
    • Праграма
    • Абвесткі
    • Партнёры
  • Кангрэс — 2017
    • Абвесткі
  • Кангрэс — 2016
    • Праграма
    • Абвесткі
    • Партнёры
    • Прэмія Кангрэса
    • Фота
    • Збор працоўных матэрыялаў па выніках VI Кангрэса
  • Кангрэс 2011 — 2015
    • Кангрэс — 2015
      • Праграма
      • Абвесткі
      • СМІ пра V Кангрэс
      • Прэмія Кангрэса
      • Фота
      • Відэа
      • Том 5, 2016 — Працоўныя матэрыялы Кангрэса
    • Кангрэс — 2014
      • Праграма
      • Абвесткі
      • Партнёры
      • СМІ пра IV Кангрэс
      • Прэмія Кангрэса
      • Фота
      • Відэа
      • Том 4, 2015 — Працоўныя матэрыялы Кангрэса
    • Кангрэс — 2013
      • Праграма
      • Абвесткі
      • Партнёры
      • СМІ пра ІІІ Кангрэс
      • Прэмія Кангрэса
      • Фота
      • Відэа
      • Том 3, 2014 — Працоўныя матэрыялы Кангрэса
    • Кангрэс — 2012
      • Праграма
      • Абвесткі
      • Партнёры
      • СМІ пра ІІ Кангрэс
      • Фота
      • Відэа
      • Том 2, 2013 — Працоўныя матэрыялы Кангрэса
    • Кангрэс — 2011
      • Праграма
      • Абвесткі
      • Партнёры
      • СМІ пра І Кангрэс
      • Фота
      • Том 1, 2012. Працоўныя матэрыялы Кангрэса

Арганiзатары



Партнёры







Пры падтрымцы









Кангрэс 2015. Спіс тэматычных блокаў і панэляў

English Lietuvių>>>

1. Міжнародныя адносіны і знешняя палітыка

а) Палітычныя і эканамічныя санкцыі: ацэнка ўплыву на рэгіён

Abstract »

Каардынатар — Інстытут «Палітычная сфера»Эканамічныя санкцыі з’яўляюцца распаўсюджаным і супярэчлівым механізмам міжнароднай палітыкі, які выклікае шырокія дыскусіі сярод палітыкаў, аналітыкаў і навукоўцаў. Падзеі ва Украіне, санкцыі ў дачыненні да Расіі пасля анексіі Крыма, і зваротныя санкцыі Расіі супраць краінаў захаду ўзнялі праблему на новы ўзровень. Што такое санкцыі у сучаснай міжнароднай палітыцы? Якія выклікі санкцыйная палітыка нясе для рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Еўропы? Якія наступствы яны мелі і будуць мець для Беларусі? У межах панэлі мяркуецца абмеркаваць гэтыя пытанні, ацаніць рызыкі і наступствы палітыкі санкцый для рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

б) Міжнародная бяспека ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе

Abstract »

Каардынатар — Роберт Рыбак. Сучаснае асяроддзе бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ёсць прасторай сутыкнення цывілізацый, культураў і рэлігіяў, дзе напрацягу гісторыі адбывалася зацятая барацьба за нацыянальнае вызваленне і здабыццё дзяржаўнасці і суверэнітэту. Гэта рэгіён, бедны на прыродныя рэсурсы, якія патрабуюцца для развіцця любой краіны. Гэта таксама рэгіён, дзе найбольшая краіна напрацягу стагоддзяў абцяжарвае сумеснае існаванне, навязваючы сваю волю любой дзяржаве, якая знаходзіцца ў зоне яе ўплыву. Для гэтага яна выкарыстоўвае моцную энергетычную залежнасць еўрапейскіх краінаў, якія не змаглі адбудаваць свае эканомікі пасля распаду СССР. Вольны гандаль у рэгіёне таксама знаходзіцца пад уплывам гэтай краіны, і яна не толькі не стымулюе эканамічны рост, але наадварот спрыяе эканамічнай залежнасці слабейшых краінаў. Значную ролю ў фармаванні  рэгіянальнай бяспекі таксама маюць узаемныя сімпатыі і непрыязнь, што нараджаюцца праз няспыннае развіццё міжнародных адносінаў унутры славянскай сям’і. Найлепшым прыкладам гэтага ёсць тэндэнцыя да ўзмацнення ўласнай бяспекі краінаў праз усталяванне міжнародных вайсковых стасункаў і іх штучнае ўключэнне ў сістэму бяспекі, збудаваную пасля Другой сусветнай вайны.

в) Энергетычная бяспека і іншыя пытанні энергетыкі Беларусі

Abstract »

Каардынатар — Віталій Ткачоў. Пытанні забеспячэння энергетычнай бяспекі ўяўляюць сабой адну з першарадных задач у стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны. У большай ступені гэта адносіцца да краін, якія у дастатковай колькасці не маюць уласных запасаў энергарэсурсаў, і Рэспубліка Беларусь адносіцца да ліку такіх краін. У паліўна-энергетычным балансе Рэспублікі Беларусь пераважае адзіны від паліва (прыродны газ) і адзіны пастаўца энергарэсурсаў (Расійская Федэрацыя). Так, удзельная вага імпартуемых энергарэсурсаў з адной краіны-пастаўца дасягае 80 %. Такім чынам, пошук шляхоў выйсця з энергетычнай залежнасці набывае крытычную значнасць. У межах панэлі прапаноўваецца абмяркоўванне гэтай праблемы, а таксама іншых, як трансфармацыя Беларускай энергасістэмы да рынкавых зносінаў, мадэрнізацыя яе вытворчых фондаў і інш.

г) Мабільнасць, міграцыя і візавыя рэжымы

Abstract »

Каардынатар — Аляксандр Быстрык. За апошнія гады Беларусь падпісала некалькі дамоў пра спрашчэнне ці адмену візавага рэжыму з шэрагам краін свету. Літаральна ў гэты час адбываюцца перамовы па спрашчэнні візавага рэжыма паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. У той жа час перамовы пра Малы памежны рух пасля актыўнай фазы развіцця апынуліся замарожанымі. Міграцыя (асабліва нелегальная) з’яўляецца важным фактарам у дыялогу паміж беларускай уладай і еўрапейскімі краінамі. Адначасова адкрытая мяжа з Расіяй спрыяе большай мабільнасці насельніцтва ва ўсходнім кірунку. Усе гэтыя падзеі і працэсы ўказваюць на тое, што пытанні мабільнасці насельніцтва, міграцыі і візавых рэжымаў робяцца ўсё больш і больш актуальнымі. На жаль, гэтыя тэмы ў Беларусі асвятляюцца хутчэй журналістамі і актывістамі, а не даследчыкамі. Дзейнасць тэматычнай сесіі была б вельмі карыснай для запаўнення гэтага прагалу.

д) Сярэдняя Еўропа ў палітыцы вялікіх дзяржаў

Abstract »

Каардынатар — Аляксандр Пяганаў.У першай палове ХХ стагоддзя Сярэдняя, ці Цэнтральня Еўропа шматкроць станавілася арэнай для спаборніцтва і канфліктаў паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама палітычнага, эканамічнага і культурнага узаемаабмену. Падчас і паміж Першай і Другой Сусветнымі войнамі Сярэдняя Еўропа станавілася аб’ектам прыхаванай ці наўпроставай экспансіі. Гэты рэгіён меў істотны ўплыў на нацыянальныя і імперскія мэты вялікіх дзяржаваў, таму Шарьл Дэ Голь і Ўінстан Чэрчыль першымі назвалі дадзены перыяд “Другая Трыццацігадовая вайна”. Тэма ўмяшальніцтва вялікіх дзяржаваў у справы Сярэдняй Еўропы ў 1914-1945 гадах дагэтуль мае шэраг недаследаваных напрамкаў, у прыватнасці магчымасць сінтэтычнага параўнання. Прапанаваная панэль плануе аб’яднаць да дваццаці даследчыкаў, зацікаўленых у праблеме палітыкі вялікіх дзяржаваў у дачыненні да Сярэдняй Еўропы паміж 1914 і 1945 гадамі. Ядро гэтай групы складаюць гісторыкі, якія вядуць супрацу над кнігай “Палітыка вялікіх дзяржаваў у дачыненні да Сярэдняй Еўропы ў 1914-1945 гадах”. Мы вітаем даклады, што разглядаюць палітыку любой вялікай дзяржавы (Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччна, Расія, Італія, ЗША, Японія) у дачыненні да Сярэдняй Еўропы, як агулам, гэтак і ў дачыненні да нейкай адной краіны.  Працоўнай мовай панэлі з’яўляецца ангельская.

е) Ідэі аднаўлення адзінства прасторы ВКЛ у ХХ – пачатку ХХІ ст.

Abstract »

Каардынатар — Андрэй Валодзькін. Плануецца прысвяціць секцыю абмеркаванню праектаў і ідэй аб’яднання краін-спадкаемцаў ВКЛ у ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Прапануецца падзяліць яе на 2 панэлі: першая — ідэі аднаўлення ВКЛ у часы фармавання нацыянальных дзяржаў у рэгіёне (пачатак ХХ ст.), другая — Ідэі аднаўлення адзінства прасторы ВКЛ у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст.

ж) Культурна-гістарычная спадчына Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: крыніца адзінства і перспектывы супрацоўніцтва.

Abstract »

Каардынатар — Міраслаў Філіповіч. Адпраўной кропкай з’яўляецца гіпотэза, што краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы аб’ядноўвае агульная культурна-гістарычная спадчына і вынікаючая з яе “ідэйная еднасць” рэгіёна, заснаваная на агульнасці ідэй, каштоўнасцяў, сімвалаў і архетыпаў. Яны адлюстраваны ў характэрным для ЦУЕ імкненні да свабоды, прызнанні каштоўнасці свабоды асобы, каштоўнасці дэмакратыі, механізмаў вольнага рынку і нарэшце плюралізму светапоглядаў. Мірнае звяржэнне камуністычных рэжымаў, паварот да дэмакратыі, адбудова механізмаў гаспадаркі вольнага рынку і ўступленне ў НАТА і ЕС пацвярджае гэта. Гэтая “ідэйная еднасць” не толькі надае форму культурнаму і грамадскаму ландшафту рэгіёна, але таксама ўплывае на спосаб фармулёўкі інтарэсаў, і на еўрапейскую і міжнародную гаспадарчую палітыку ЦУЕ. Ідэя агульнай гісторыка-культурнай спадчыны і свядомасць існавання адзінай, у акрэсленай кансістэнцыі і складзе, прасторы ідэяў і інтарэсаў, адчуваецца таксама ў творчасці літаратараў паходзячых з асобных краінаў ЦУЕ, такіх як Мілан Кундэра, Чэслаў Мілаш, Дзьёрдзь Конрад, Вацлаў Гавел ці Анджэй Стасюк. Іх вобразы света, хаця і відавочна розныя, аб’ядноўвае шмат кропкаў судакранання. Уключаныя ў гэтыя вобразы канцэпцыі і ідэі на сённяшні дзень прысутнічаюць як у калектыўнай памяці, так і ў публічных дэбатах. “Ідэйная еднасць” ЦУЕ, хоць і ёсць крыніцай пачуцця адрознасці і еднасці рэгіёну, і стварыла падставы да эфектыўнага палітычнага і гаспадарчага супрацоўніцтва ў рэгіёне, напрыклад Вышаградская група, не ёсць панацэяй ад праблемаў і вызаваў, з якімі сутыкаюцца краіны ЦУЕ сёння. Гэтая не да канца акрэсленая і эвалюцыянуючая ідэйная прастора, якая абапіраецца на агульнай гісторыка-культурнай спадчыне, з’яўляецца ўнікальнай адпраўной кропкай да дэбатаў на тэму перспектываў узросту і развіцця ў рэгіёне ЦУЕ, асабліва бяручы пад увагу Беларусь і Украіну. 

з) З’яўленне Беларусі на палітычнай мапе Еўропы (ад распаду СССР да 1994 года) ў польскай палітычнай і праўнай думцы.

Abstract »

Каардынатар — Павел Фіктус. 

Панэль плануе абмеркаваць тое, якім чынам з’яўленне Беларусі на мапе Еўропы было ацэнена ў польскай палітычнай і праўнай думцы. Беларусь не была незалежнай дзяржавай у дачыненні да Літвы, Латвіі і Эстоніі, таму ўсталяванне дыпламатычных кантактаў з Беларуссю адрознівалася ад гэтай працэдуры ў дачыненні да балтыйскіх краінаў. Асаблівая ўвага ў межах панэлі будзе нададзеная асобе Станіслава Шушкевіча – старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які 8 снежня 1991 года разам з прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным і прэзідэнтам Украіны Леанідам Краўчуком падпісаў Белавежскія пагадненні, якія абвесцілі пра распад СССР.

і) Гібрыдная вайна: сучасныя выклікі бяспецы і магчымыя адказы

Abstract »

Каардынатарка — Greta Tuckute.Мэтай гэтай панэлі ёсць аналіз гібрыдных мераў і дзеянняў у сучасных канфліктах, якія ўключаюць наступныя інструменты: інфармацыя і прапаганда, кібератакі, неканвенцыйныя ўзброеныя сілы і аперацыі, перашкоды ў пастаўках электраэнергіі,  эканамічныя пагрозы.  Адказы на гэтыя дзеянні маюць хутчэй рэактыўны характар, бо гібрыдныя захады ўвесь час мяняюцца. Іх пастаянная змена ўскладняе магчымасці апераджальнага і заснаванага на законе адказу. Вайна ва Ўкраіне паказала, што гібрыдныя захады і гібрыдная вайна ў поўный меры праводзіцца адной краінай супраць іншай, пры гэтым гібрыдны аспект гэтых дзеянняў дазваляе агрэсару ўступаць у спекулятыўную палеміку. Мы запрашаем экспертаў і навукоўцаў абмеркаваць аспекты гібрыднай вайны, адказы на іх і пагрозы для бяспекі ў рэгіёне.

2. Палітычныя інстытуты. Эканамічная палітыка

а) Сацыяльная палітыка

Abstract »

Каардынатар — Уладзімір Паплыка. Сацыяльная палітыка ўяўляе сабой сістэму мер, накіраваных на дасягненне сацыяльных мэтаў і вынікаў, звязаных з павышэннем грамадскага дабрабыту, паляпшэння якасці жыцця насельніцтва і забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці, сацыяльнага партнёрства ў грамадстве.
Ва ўмовах запаволення тэмпаў эканамічнага развіцця 2015 ў Беларусі будуць абвастрацца не вырашаныя праблемы сацыяльнай палітыкі. Пры абмежаванні фінансавых магчымасцяў беларускай дзяржавы можа пацярпець значная частка насельніцтва. Гэта можа быць звязана як з падзеннем узроўню даходаў, так і ростам беспрацоўя. Таму тэма панэлі «сацыяльная палітыка» будзе вельмі актуальнай для абмеркавання сучасных сацыяльна-палітычных, эканамічных умоў развіцця Беларусі.

б) Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы

Abstract »

Каардынатар — Леанід Каліценя. Даследаванні, у якіх аб’ектам з’яўляецца грамадзянская супольнасць Беларусі, а таксама тыя, якія праводзяцца з удзелам арганізацыяй грамадзянскай супольнасці Беларусі. Агульнай мэтай панэлі з’яўляецца павышенне якасці даследаванняй грамадзянскай супольнасці, асабліва з удзелам НДА, абмеркаванне і распаўсюд даследаванняў.

в) Масавыя акцыі пратэста: досвед Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

Abstract »

Каардынатар — Інстытут «Палітычная сфера». Панэль прысвечана даследаванням пратэстнай актыўнасці ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ў XXI стагоддзі.

г) Рэформа дзяржкіравання ў Беларусі: арыентацыя на чужы досвед ці пошук самастойных вырашэнняў?

Abstract »

Каардынатарка — Іна Рамашэўская. На секцыі будуць прадстаўлены работы, якія датычацца пытанняў публічнай (дзяржаўнай) палітыкі: пачынаючы c агульных прынцыпаў яе распрацоўкі і рэалізацыі ў Беларусі да аналізу палітыкі ў канкрэтнай сацыяльнай ці эканамічнай сферы. Таксама да ўдзелу ў панэлі запрашаюцца даследчыкі пытанняў дзяржкіравання, у тым ліку сістэмы прыняцця рашэнняў, кадравай палітыкі, электроннага ўрада, барацьбы з карупцыяй і гэтак далей.

3. Навука і адукацыя

а) Рэфармаванне сістэмы адукацыі ў Беларусі і Балонскі працэс

Abstract »

Каардынатар — Андрэй Лаўрухін. Секцыя зарыентавана на асэнсаванне актуальнага стану, праблем і перспектыў мадэрнізацыі і ўзаемадзеяння вышэйшай адукацыі, навукі і эканомікі з мэтай станаўлення Беларусі на шлях інавацыйнага развіцця. Актуальнасць дадзенай тэмы выкліканая намерамі Беларусі ўбудавацца ў агульнаеўрапейскі (і рэгіянальны) трэнд фарміравання т.зв. інавацыйнай эканомікі (эканомікі веды, постіндустрыяльнага грамадства і прэч.), што знайшло сваё адлюстраванне ў шэрагу праграм, накіраваных на інавацыйны шлях развіцця ў цэлым і развіццё навукова-даследчай складнікам вышэйшай адукацыі, у асаблівасці. Аднак, паміж намерамі (праграмамі) і рэчаіснасцю інавацыйнага развіцця паўстае шэраг праблем і перашкод, якія замінаюць, абцяжарваюць, а часам і робяць немагчымым рэалізацыю намечаных планаў. Праца секцыі заклікана спрыяць фарміраванню цвярозай і дакладнай дыягностыкі актуальнай сітуацыі, сістэматычнаму аналізу прычын тых ці іншых праблем у інавацыйным развіцці Беларусі і пошуку шляхоў іх найбольш эфектыўнага рашэння. Праблематыка секцыі мае інтэгратыўны (адукацыі-навука-інавацыі) і трансдысцыплінарны (эдукалогія-юрыспрудэнцыя-эканоміка) характар.

б) Удасканаленне арганізацыі доктарскай адукацыі: праблемы якасці, заканадаўчых і інстытуцыйных трансфармацый

Abstract »

Каардынатарка — Людміла Лобанава. Балонскі працэс і стварэнне адзінай еўрапейскай навуковай і адукацыйнай прасторы, з’яўляючыся перш за ўсё еўрапейскім адказам на працэсы глабалізацыі ў свеце, пацягнулі за сабой змену парадыгмы навуковай дзейнасці і вышэйшай адукацыі на кантыненце. У працы панэлі прапануецца абмеркаваць асноўныя праблемы ў сферы арганізацыі, кіравання, ацэнкі і павышэння якасці адукацыі ў сістэме падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, сфармуляваць асноўныя задачы, якія трэба будзе вырашыць на арганізацыйным, заканадаўчым і нарматыўным узроўні. Змены павінны адпавядаць культурным каштоўнасцям і быць накіраваныя на захаванне акадэмічнай этыкі, павышэнне публічнасці, прынцыповасці і аб’ектыўнасці на ўсіх этапах падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў, на забеспячэнне эфектыўнага ўзнаўлення навукова-кадравага патэнцыялу вышэйшай кваліфікацыі — стваральнага крэатыўнага ядра чалавечага капіталу, які фарміруе інавацыйную эканоміку. Актуальнасць абмеркавання такіх праблем абумоўлена неабходнасцю ўзгаднення напрамкаў і прынцыпаў развіцця нацыянальных сістэм падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі з агульнаеўрапейскімі.

4. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага

а) “Літоўская Русь”: праблемы ідэнтыфікацыі беларускага і ўкраінскага сацыякультурнага і сацыялінгвістычнага комплексаў у прасторы ВКЛ

Abstract »

Каардынатар — Алег Дзярновіч. Шматкампанентная структура ВКЛ ужо неаднаразова была тэмаю даследавання гісторыкаў. Вылучэнне з інтэгральнага цела ВКЛ такіх культурных і гістарычных рэгіёнаў як “Літва”, “Русь”, “Жамойць” стала ўжо гістарыяграфічнай традыцыяй. Складаней уяўляецца справа з размежаваннем беларускага і ўкраінскага сацыя-культурнага і сацыя-лінгвістычнага комплексаў у перыяд XIV—XVII ст. Ці магчымае для ранняга перыяда ВКЛ (XIV—XV ст.) ідэнтыфікацыя ўкраінскіх і беларускіх моўных і культурных рысаў? Ці толькі Люблінская ўнія 1569 г. стала фактарам размежавання этна-канфесійнага комплекса “Літоўская Русь”? Якая роля ў гэтых працэсах Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г.? Праблемы аналізу сітуацыі ўскладняюцця яшчэ тым, што протабеларускія рысы не могуць быць аб’яднаныя толькі паняццям “Русь”, але таксама і “Літва”. У сваю чаргу, протаўкраінскі комплекс таксама мае шэраг культурна і часткова палітычна аўтаномных рэгіёнаў, якія знаходзіліся паміж сабой у рознай ступені ўзаемасувязей: Валынь, Кіеўшчына, Падолле, Галічына… Абмеркаванне гэтых пытання магчымае на інтэрдысціплінарныім узроўні – з удзелам гісторыкаў, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, этнолагаў і прадстаўнікоў іншых галінаў сацыя-гуманітарнай веды.

б) На службе у Гаспадара i Вялiкага Княства: службоўцы i органы дзяржаўнага кiравання ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм XIII — XVIII стагоддзя

Abstract »

Каардынатарка — Алена Любая. Секцыя «На службе у Гаспадара і Вялікага княства: службоўцы i органы дзяржаўнага кiравання ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм XIII — XVIII стагоддзя», прысвечана пытанням фарміравання, развіцця і функцыянавання чынавенскага апарата ад моманту зараджэння дзяржавы да яе скону. Пад час правядзення секцыі плануецца абмеркаваць розная аспекты феномена бюракратыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Напрыклад:

  • асаблівавасці камплектавання і дзейнасці дзяржаўных органаў кіравання на розных узроўнях;
  • метады прасапаграфіі і міждысцыплінарныя метадады пры вывучэнні дзяржаўных інстытутаў Вялікага княства Літоўскага;
  • паўсядзённая праца дзяржаўных і мясцовых органаў улады;
  • дзейнасць органаў кіравання і фарміраванне палітычнай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім;
  • замежцы на дзяржаўнай службе ў Вялікім Княстве Літоўскім і інш.

5. Кніжная культура Беларусі: гісторыя і тэорыя

а) Сувязі беларускай культуры з Заходняй і Сярэдняй Еўропай у люстры міграцыі кніг у эпоху ВКЛ.

Abstract »

Каардынатар — Шандор Фольдвары. Працягваючы мінулагоднюю панэль, сёлета мы плануем арганізаваць яе ў шырэйшай форме з некалькімі сесіямі. На панэлі будзе абмяркоўвацца міграцыя кніг у Вялікім Княстве Літоўскім у ХVII-XVIII стагоддзі па-за кантэкстам Супрасльскай друкарні. Да беларускага кнігадрукавання таго часу найбольш спрычыніўся ордэн Базыльянаў, а таксама брацтвы – свецкія асацыяцыі на беларускіх і ўкраінскіх землях, якія займаліся царкоўным кнігадрукаваннем. Правененцыі кніг, што захоўваюцца ў сучасных бібліятэках, а таксама шляхі, праз якія беларускія кнігі траплялі ў культурную і рэлігійную прастору Заходняй і Цэнтральнай Еўропы – вывучэнне гэтых праблемаў можа ўзбагаціць нашыя веды пра адносіны беларускай культуры  з Еўропай у часы ВКЛ.

б) Беларускія кірылічныя выданні XVI-XVIII стст.: гісторыя, навуковае апісанне, правененцыйныя даследаванні

Abstract »

Каардынатарка — Таццяна Карнілава. Сустрэча на кангрэсе прадставіць магчымасць паведаміць пра экзэмпляры кірылічных выданняў, якія знаходзяцца ў кнігасховішчах бібліятэк і музеяў розных краін свету, расказаць пра правененцыі (пячаткі, экслібрысы, уладальніцкія запісы), былых уладальнікаў кірылічных кніг, а таксама падзяліцца вопытам апісання кірылічных выданняў.

в) Кніжная культура Беларусі: гісторыя і тэорыя

Abstract »

Каардынатарка —  Таццяна Сапега. Раскрыццё разнастайнасці гісторыі кніжнай культуры Беларусі і адлюстраванне тэарэтычных даследаванняў.

6. Гісторыя Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзяў

а) Гісторыя Беларусі ХІХ стагоддзя

Abstract »

Каардынатар — Інстытут «Палітычная сфера». Панель прысвечана даследаванням гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя.

б) Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя

Abstract »

Каардынатар — Інстытут «Палітычная сфера». Панель прысвечана даследаванням гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя.

в) Беларускае замежжа ў гісторыі і сучаснасці

Abstract »

Каардынатарка — Наталля Гардзіенка. Беларускае замежжа адлюстроўвае наяўнасць “падзеленай нацыі”, феномен якой на сёння яшчэ не асэнсаваны айчыннымі інтэлектуаламі. Існаванне каля чвэрці суродзічаў па-за метраполіяй з’яўляецца вынікам як рознага кшталту эміграцый (эканамічных, палітычных), гэтак і геапалітычных працэсаў, праз якія змяняліся беларускія межы. Пры тым, актыўная эміграцыя працягваецца і да сёння, а сістэматычнага вывучэння феномену беларускага замежжа, фактычна, няма. Раскіданая па розных краінах і кантынентах культурна-гістарычная спадчына замежных суайчыннікаў вельмі павольна ўключаецца ў гістарычны дыскурс Беларусі. З аднаго боку, мэтай гэтай секцыі з’яўляецца стварэнне пляцоўкі для даследчыкаў з розных краінаў, каб дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі ў вывучэнні асобных аспектаў гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа. З іншага боку, супольная праца дазволіць удзельнікам абмеркаваць канкрэтныя магчымасці і шляхі ўключэння гісторыка-культурнай спадчыны беларускага замежжа ў інтэлектуальную прастору метраполіі.

7. Літаратуразнаўства і лінгвістыка

а) Дыспазіцыі і модусы пазіцыянавання аўтара ў літаратурным працэсе Беларусі, Літвы і Украіны

Abstract »

Каардынатарка — Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Пісьмовая культура беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў на ўсім шляху свайго існавання адрознівалася глыбокай пашанай да літаратурнай творчасці і да пісьменніка. Тым часам у эстэтыцы ХХ ст. (перадусім у працах М. Бахціна, Р. Барта, Г. Р. Яўса) паступова выпрацоўвалася крытычнае стаўленне да ролі аўтара, рабіліся спробы пераацэнкі яго ўзаемадачыненняў з мастацкім творам. Антыпазітывісцкае імкненне пазбыцца адносін да літаратурнага працэсу як да галерэі пісьменніцкіх партрэтаў з часам пачало адыгрываць нега тыўную ролю ў літаратуразнаўчым дыскурсе. Новыя падыходы да ацэнкі ролі аўтара былі прапанаваныя французскім сацыёлагам П’ерам Бурдзьё (1930–2002). Вучоны падкрэсліваў ролю аўтара ў стварэнні або перадачы культурнага капітала, які здольны функцыянаваць у якасці сімвалічнага і ў інкарпарыраванай форме пераўтварацца ў габітус агента поля культурнай вытворчасці. У сваю чаргу, фарміраванне габітуса і шляхі перадачы сімвалічнага капітала цесна звязаны са спосабамі, або модусамі пазіцыянавання. У названай навуковай канцэпцыі акцэнт уецца трыяда «пазіцыя» – «пазіцыянаванне» – «дыспазіцыя». Уяўленне пра пазіцыянаванне аўтара дазваляе лепш зразумець думку Борхеса, што кожны пісьменнік сам стварае сваіх папярэднікаў і што яго творчасць карэнным чынам змяняе нашыя ўяўленні не толькі пра будучыню, але і пра мінуўшчыну. Літаратурны працэс Беларусі, Літвы і Украіны прадстаўляе надзвычай багатую карціну, што да модусаў аўтарскага пазіцыянавання ў полі літаратуры. Аб’ектыўная іх ацэнка можа калі не змяніць, то, ва ўсякім разе, скарэкціраваць на шы ўяўленні пра будучыню і мінуўшчыну айчыннага прыгожага пісьменства. Выяўленне спецыфікі аўтарскага пазіцыянавання ў розныя эпохі і ў розных культурных кантэкстах дазваляюць належным чынам ацаніць ролю аўтара (агента поля) у працэсе не толькі ўзнікнення (прадукавання) і матэрыяльнага ўвасаблення, але і далейшай рэцэпцыі літаратурнага твора, яго ўключэння ў працэс культурнай вытворчасці і стварэння адпаведных пазіцый у полі.

б) Праблемы атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя

Abstract »

Каардынатар — Мікола Хаўстовіч. Нягледзячы на пэўную вывучанасць літаратурнага працэсу на Беларусі ў ХІХ ст., застаецца шэраг пытанняў, якія павярхоўна акрэслены ў беларускім літаратуразнаўстве. Наяўнасць вялікае колькасць ананімных тэкстаў, сумненні ў правільнасці раней ужо атрыбутаваных твораў ставяць новыя задачы перад гісторыкамі літаратуры ў ХХІ ст.

в) Беларуская Біблія: Праблемы і перспектывы навуковага перакладу

Abstract »

Каардынатарка — Ірына Дубянецкая. Секцыя працягне працу, распачатую на Кангрэсе ў 2012 г. Падчас працы секцыі мусяць быць распрацаванымі метадалагічныя падыходы да выпрацоўцы прынцыпаў новага крытычнага навуковага перакладу Бібліі на сучасную беларускую мову, улучна з стварэньнем адэкватнага навуковага апарату для перакладу Бібліі (гэбрайскія і грэцкія інтэрлініарныя пераклады, слоўнікі, аналітычныя лексіконы), распрацоўкай беларускай біблістычнай тэрміналогіі і праблемай засваення і перадачы гэбрайскіх і грэцкіх анамастыкі і тапанімікі. Таксама будуць разглядацца перакладчыцкія напрацоўкі апошняга году.

г) Лінгвакультурныя партрэты славянскіх, балтыйскіх, фіна-угорскіх і германскіх этнасаў

Abstract »

Каардынатар — Ігар Каралёў. У цэнтры ўвагі сучасных лінгвакультуралагічных і прагмалінгвістычных даследаванняў – вывучэнне камунікатыўных паводзін рознамоўных этнасаў у супастаўляльным аспекце (працы Ф. Бацэвіча, С.Богдан, І. Каралёва, І. Серяковай, В.М. Глушака, Т.В. Дуброўскай, Т.Л. Музычук, А.В. Паўлоўскай, З.Д. Паповай, К.Ф. Сядова, І.А. Сцерніна, С.Г. Тэр‑Мінасавай і інш.). Мэта нашага блока – сфармуляваць і абгрунтаваць шматаспектную лінгвапрагматычную канцэпцыю камунікатыўных паводзін славянскіх, балтыйскіх, фіна-угорскіх і германскіх этнасаў у розных тыпах камунікацыі; правядзенне сістэмнага аналіза комплексу моўных сродкаў, стратэгій, тактык, тыпаў і мадэляў моўных паводзін у розных сітуацыях зносін носьбітаў індаеўрапейскіх і фіна-угорскіх моў. Рэалізацыя праекта прадугледжвае аналіз ментальных структур і лінгвакультурных партрэтаў – модусаў, з дапамогай якіх можна змадэляваць камунікатыўныя паводзіны славянскіх, балтыйскіх, фіна-угорскіх і германскіх этнасаў у розных тыпах камунікацыі. У выпадку рэалізацыі прапанаванага праекта ў далейшым будзе падрыхтавана калектыўная манаграфія па акрэсленай тэматыцы і апублікаваны шэраг артыкулаў у вядучых навуковых выданнях, што таксама паслужыць ілюстрацыяй і прэзентацыяй даследаванага матэрыялу.

д) Беларуская літаратура ў XXI стагоддзі: найноўшыя тэндэнцыі развіцця

Abstract »

Каардынатар — Сяргей Кавалёў. Мэтай панэлі з’яўляецца спроба асэнсавання развіцця беларускай літаратуры на працягу пятнаццаці гадоў новага стагоддзя і новага тысячагоддзя. Ці з’явіліся ў гэты час у нацыянальнай літаратуры новыя тэндэнцыі і спецыфічныя рысы, якія істотна адрозніваюць яе ад літаратуры канца ХХ стагоддзя? Ці змянілася іерархія жанраў, эстэтычныя арыенціры, творчыя кантакты і ўзаемаадносіны з суседнімі літаратурамі? Ці ёсць падставы атаясамліваць паняцце “сучасная беларуская літаратура” выключна з пачаткам ХХІ стагоддзя ці па ранейшаму распачынаць новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры з канца 80-х – пачатку 90 –х гг. ХХ ст, з часоў “Тутэйшых” і “Таварыства Вольных Літаратараў”? Плануецца ўдзел літаратуразнаўцаў з Беларусі, Украіны, Польшы, Вялікабрытаніі, Германіі.

е) Пераклады ў беларускай літаратуры і беларуская літаратура ў перакладах

Abstract »

Каардынатарка — Наталля Русецкая. З даўніх часоў у культурнай прасторы Беларусі функцыянавалі перакладныя творы. У часы Сярэдневечча – гэта былі жыціі святых, рыцарскія раманы і інш. Паступова ў беларускай літаратуры пад уплывам запазычаных ўзораў і прыкладаў узнікалі ўласныя тэксты розных літаратурных жанраў, развівалася мясцовая традыцыя, пазней – нацыянальная літаратура. На глебе беларускага фальклору сфарміравалася часткова польская школа рамантызму. Творы такіх аўтараў як Адам Міцкевіч ці Ян Чачот вернутыя сёння беларускаму чытачу дзякуючы перакладам. У ХХ ст. пачынаецца гісторыя перакладаў уласна беларускай літаратуры на розныя мовы свету. У межах секцыі прапаноўваецца паразважаць на тэму ўзаемасувязяў беларускай літаратуры з іншымі – блізкімі і далёкімі ў моўных і геарафічных адносінах – літаратурамі на працягу ўсёй гісторыі беларускага пісьменства. Разгледзець праблемы звязаныя з перакладам і пераносам літаратурных тэкстаў з адной моўнай карціны свету ў іншую, шляхі іх адаптацыі, іх ўзаемаўплывы і ўзаемаабумоўленасць. А таксама зрабіць практычную панэль дзеля абмеркавання пытанняў звязаных непасрэдна з працэсам перакладу, стварыць умовы для абмену досведам паміж перакладчыкамі

ж) Беларускі кантэкст у даследаваннях польскай літаратуры

Abstract »

Каардынатарка — Інэса Кур’ян. За апошнія гады пры даследаваннях творчасці польскіх літаратараў, біяграфія якіх была звязана з Беларуссю, выявілася, што ў сфармаваных літаразнаўчых канцэпцыях амаль адсутнічае, альбо прадстаўлены павярхоўна і памылкова беларускі кантэкст. Беларускімі даследчыкамі былі праведзены спецыяльныя мерапрыемствы, навукова-практычныя экспедыцыі, падчас якіх былі дапоўнены, удакладнены, а таксама перагледжаны шматлікія факты культуралагічнага характару. Такім чынам, беларускі кантэкст з’яўляецца неабходнай складаючай часткай навуковай паўнаты існуючых ведаў, нават вядзе да пераасэнсавання і выпрацоўкі новых накірункаў. Існуе неабходнасць такіх даследаванняў і пашырэнне іх вынікаў, пры чым — не толькі ў польскім літаратуразнаўстве. Таму да дыскусіі хацелася б прыцягнуць яшчэ і іншых даследчыкаў падобнай тэматыкі.

8. Філасофскія даследаванні і інтэлектуальная традыцыя Беларусі

Abstract »

Каардынатарка — Вольга Шпарага. Секцыя прысвечаная прэзентацыі актуальных філасофскіх праектаў, што стаяць перад новымі выклікамі і праблемамі, характэрнымі для філасофіі на постсавецкай прасторы, а таксама мусіць высвятляць акалічнасці існавання арыгінальнай нацыянальнай інтэлектуальнай традыцыі. Яе мэтай з’яўляецца ацэнка стану актуальных філасофскіх даследаванняў, з аднаго боку, і высвятленне вытокаў, пазначэнне лініяў пераемнасці і разрываў інтэлектуальнай традыцыі ў Беларусі — з іншага. Як мы можам ахарактарызаваць гэтую традыцыю ўвогуле? Каго варта адносіць да яе прадстаўнікоў? Што мы ведаем пра дзейнасць розных гурткоў, групаў і школ, што пакінулі свой адбітак у нашай культурнай памяці і маюць дасюль значнасць для актуальных філасофскіх і сацыяльна-навуковых даследаванняў у Беларусі? Нарэшце, як сучасныя філасофскія і іншыя даследаванні актуалізуюць і праблематызуюць інтэлектуальную традыцыю наогул?

9. Сучасны стан, праблемы і перспектывы псіхалогіі развіцця ў Беларусі

Abstract »

Каардынатарка — Вольга Беланоўская. У працы секцыі плануецца разгледзець сучасны стан праблем псіхалогіі развіцця ў Беларусі. Разгляданыя пытанні могуць ўключаць тэарэтычныя і эмпірычныя вынікі аналізу праблем развіцця чалавека ў норме і паталогіі, нейрапсіхалогіі развіцця дзіцяці, праблем дарослага развіцця, акмеалогію, праблемы пераадолення нарматыўных і ненарматыўных крызісаў, псіхалагічнае здароўе чалавека, даследаванне механізмаў развіцця чалавека, вывучэнне развіцця кагнітыўных працэсаў, творчасці і самасвядомасці асобы ў антагенезе і інш.

10. Гісторыя царквы. Тэалогія 

Цэрквы ў войнах і войны ў цэрквах: ідэі, гісторыя, паўсядзённасць

Abstract »

Каардынатары — Наталля Васілевіч, Надзея Белякова. Многія ўзброеныя канфлікты адбываюцца пад сцягам рэлігіі. Канцэпцыя сутыкнення цывілізацый пастулюе патэнцыйную канфліктагенасць рэлігіі ў пост-ідэалагічным свеце. Цэрквы, якія знаходзяцца ўнутры вайны — ці гэта вайна «гарачая», ці «халодная», ці культурная, ці цывілізацыйная — асэнсоўваюць сваё месца і ролю ў канфліктах, выбіраюць стратэгію паводзінаў, атаясамліваюць сябе з адным з бакоў канфлікта па лініі «ахвяра-агрэсар», «свае-чужыя» альбо «вайна-мір». Рыторыка і вобразы вайны, барацьбы, ваяроў — пранікаюць у тэалогію, становяцца падмуркам ідэнтычнасці, выбар, які робяць цэрквы ў сітуацыі вайны, становіцца значным, а часам і паваротным момантам у іх тэалогіі.Пры гэтым “ваенныя” вобразы глыбока ўкаранёныя ў царкоўнай традыцыі і ў хрысціянскіх тэкстах: у Бібліі, у а аскетычных і літургічных творах.Міждысцыплінарная секцыя збярэ багасловаў, гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, палітолагаў, сацыёлагаў, юрыстаў і закране шырокае кола пытанняў, звязаных з тэалагічным асэнсаваннем вайны і міру ў цэлым, з уплывам войнаў на самавызначэнне цэркваў, даследаваннем ролі цэркваў і асобных іх прадстаўнікоў у гістарычных канфліктах, а таксама з іх пэўнымі міфалагізаванымі вобразамі.Найперш, фокусам секцыі будуць сюжэты, звязаныя з міжканфесійным супрацьстаяннем, царкоўна-дзяржаўным супрацьстаяннем у рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзейнасці і становішчы цэркваў ва ўмовах Другой сусветнай вайны і Халоднай вайны, рэлігіі і яе інструменталізацыі ў украінскім канфлікце, канцэптуалізацыі і ідэалагізацыі гістарычнай памяці, звязанай з войнамі, сацыяльнаму вучэнню цэркваў датычна вайны і міра.

11. Сучасная беларуская культура

а) Каноны і мутацыі: белкульт часоў сацыяльнай стагнацыі

Abstract »

Каардынатар — Максім Жбанкоў. Секцыя будзе працаваць з актуальным матэрыялам беларускай культуры. Яе мэта — крытычны разбор трэндаў ды артэфактаў, што паўстаюць у парадаксальнай прасторы беларускай «кіраванай культуры» — зоне адміністратыўных дазволаў і забаронаў, тыражаваньня спарахнелых канонаў і творчай «унутранай эміграцыі». Вядомыя схемы ідэялягічнага супрацьстаяньня і «вайны культур» сёньня зьмяняюцца канфліктам дыскурсаў ды канкурэнцыяй розных разуменьняў беларускасьці. Сучасны белкульт ёсьць прасторай стылістычных і канцэптуальных канфліктаў. Менавіта ў гэтым накірунку разгарнецца супольная рэфлексія і экспэртыза.

б) Творчая фатаграфія ў (незалежнай) Беларусі: падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці альбо барацьба персанальных амбіцыяў?

Abstract »

Каардынатар — Уладзімір Парфянок. Фатаграфія ў сучасным свеце зрабілася адным з інструментаў стварэння нацыянальнай ідэнтычнасці. Беларуская творчая фатаграфія, стаўшыся прыкметным феноменам на прыканцы 1980-ых гг. («мінская школа фатаграфіі», «новая хваля» ў фатаграфіі) не з’яўляецца выключэннем. Пасля зацішша нулявых некалькі апошніх гадоў былі прыкметнымі і насычанымі рознымі фатаграфічнымі падзеямі, якія асэнсоўваюць тоў унёсак, што зрабіла маладая беларуская фатаграфія ў 1980-90-ых гг. і дэманструюць іншыя стратэгіі новай генерацыі фатографаў і фотамастакоў. Ці ёсць разуменне паміж рознымі генерацыямі беларускіх фатографаў? Куды рухаецца сучасная беларуская фатаграфія? Што аб’ядноўвае і раз’ядноўвае такія выставачныя і выдавецкія праекты як «Минская школа фотографии» (Санкт-Пецярбург, РосФото), «BY NOW» (Германія, Беларусь), Belarus Press Photo (Беларусь), Месяц фатаграфіі ў Мінску (Беларусь), «Творческая фотография в Беларуси. Опыт галереи визуальных искусств NOVA…» (Беларусь), «Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х.» (Беларусь, з серыі «Калекцыя пАРТызана»)?

в) Літаратура пасля “Бум-Бам-Літа”: творчыя плыні канца ХХ — пачатку ХХІ ст.

Abstract »

Каардынатар — Зміцер Вішнёў. Працягваюцца спрэчкі вакол прэміі імя Ежы Гедройца. У кулуарах Пэн-цэнтра разгарнуліся дыскусіі вакол «дыскрымінацыі» рускамоўнай літаратуры. Што хвалюе сёння пісьменніка, а што хвалюе крытыка? Што сёння з’яўляецца прыярытэтам у літаратуры? Якія жанры прыгожага пісьменства запатрабаваныя ў чытача? Гэтыя і іншыя пытанні, якія сёння важныя ў кантэксце літаратурнага працэса.

г) Міжкультурны дыялог – модны трэнд ці шанец для Беларусі?

Abstract »

Каардынатарка — Любоў Уладыкоўская. Універсальныя каштоўнасці не падзяляюцца ўсімі культурамі нават у межах заходняй культуры, не кажучы пра неліберальныя культурныя практыкі, а тэорыя міжкультурнага дыялогу не можа даць адказаў на спецыфічныя сацыякультурныя канфлікты, аднак жа ў настойлівым пошуку гэтых адказаў заключаецца сутнасць крытычнага міжкультурнага дыялогу. Як суадносіцца міжкультурны дыялог з мультыкультуралізмам, кроскультурнымі камунікацыямі, транскультурнай філасофіяй і г.д.? І як глабальная каштоўнасць сучаснага свету, і як універсальны спосаб камунікавання, і як стратэгія еўрапейскай культурнай палітыкі, і як інструмент дэмакратызацыі, і як дыялог сацыяльны, і як атрыбутыўная характарыстыка беларускай культурнай традыцыі міжкультурны дыялог, у аснове якога ляжаць міжкультурная філасофія і міжкультурнае мысленне, выключна важны для Беларусі.  Як можна выкарыстаць амерыканскі і еўрапейскі вопыт міжкультурнага дыялогу для нацыянальнага будаўніцтва і сацыяльна-дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі?

12. Антрапалогія, этнаграфія і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны

а) Этнаграфія горада і праблемы музеефікацыі гарадской культуры

Abstract »

Каардынатар — Генадзь Сівохін. На Беларусі зараз дзейнічае даволі вялікая колькасць музеяў гарадской культуры, гісторыі гораду і г.д. Аднак справядліва паўстае пытанне, што гэтыя музеі рэпрэзентуюць у сваёй дзейнасці насамрэч? Ці займаюцца яны даследаваннямі традыцыйнай і, асабліва, мадэрнай гісторыі гораду? Ці з’яўляюцца яны цэнтрамі ўрбаністычных штудый? Пры прэзентацыі “этнаграфічных” складнікаў сваёй дзейнасці якую частку тут займае не “класічнае” сяляназнаўства к. ХІХ – п.п. ХХ ст., а этнаграфія гораду? Якое месца ў сучаснай беларускай урбаністыцы маюць займець музеі; хто яшчэ і як, якім чынам і чаму займаецца зараз на Беларусі ўрбаністыкай, хто прэзентуе і рэпрэзентуе сучасную гарадскую культуру; якія асаблівасці сучаснай “ужытковай” урбаністыкі і мажлівасць яе быць упісанай у музейную прастору, а, самае галоўнае, ці патрэбнае гэта?

б) Беларуская традыцыйная культура: лакальныя варыянты на агульнаэтнічным фоне

Abstract »

Каардынатар — Уладзімір Лобач. Актуальныя даследванні ў галіне народазнаўства выразна паказваюць, што беларуская традыцыйная культура функцыянуе і рэпрэзэнтуе сябе выключна ў лакальных формах, што мае на ўвеце і высокую ступень яе варыятыўнасці. Адсюль заўважнае зьмяшчэньне даследчыцкіх акцэнтаў на вывучэньне арэальных форм народнай культуры. З другога боку, падкрэсленая цікаўнасць шэрагу даследчыкаў толькі да «свайго» рэгіёну спараджае праблему тэарэтычнага асэнсавання агульнаэтнічных асноў традыцыйнай культуры як у дыяхроннай, так і сінхроннай перспектыве.

в) Дуды Еўропы: гісторыя і ўзаемаўплывы

Abstract »

Каардынатар — Яўген Барышнікаў. Дуды і дударская традыцыя стагоддзямі зяўлялася істотнай часткай культурнага ландшафту Еўрапейскага кантынента. Розныя канструкцыі дудаў у розныя часы і ў розных краінах гучалі і пры дварах і ў сялянскіх корчмах, прыпісваліся і д’яблу і анёлам, удзельнічалі у сакральных рытуалах і акампанавалі побытаваму вяселлю, забараняліся і станавіліся нацыянальнымі інструментамі. Мэта секцыі — разгледзець у гістарычным і сацыяльным кантэксце шырокім колам даследчыкаў шляхі ўзнікнення, развіцця, заняпаду і адраджэння лакальных дударскіх традыцый, іх узаемадеянне і ўзаемауплывы на тэрыторыі Еўропы (ад Пірынеяў да Уралу і ад Скандынавіі да Балкан і Каўказу), ад гістарычных часоў да нашых дзён.

г) Беларуская некрапалістыка

Abstract »

Каардынатарка — Вольга Сямашка. Працяг працы панэлі ахопіць агляд вынікі даследчых работ некрапалістаў Беларусі за 2014 год, працягне навуковую сістэматызацыю ведаў і практычнага вопыту беларускіх некрапалістаў, назапашанага за апошняе дзесяцігоддзе.  Плануецца, што даклады закрануць сферы археалогіі, архітэктуры, батанікі, гелогіі, гісторыі, генеалогіі, мастацтва скульптуры, этнаграфіі, юрыспрудэнцыі. Удзельнікі панэлі планууць наведаць гістарычныя могілкі горада Коўна для ацэнкі стану і рызык, правядзення супрацьаварыйных работ ( у выпадку неабходнасці), фіксацыі актаў вандалізму. Панэль «Беларуская некрапалістыка» адкрыта для дыялогу з літоўскімі калегамі-некрапалістамі і можа адпаведна прыняць фармат круглага стала.

д) Праблемы захавання і трансляцыі гісторыка-культурнай спадчыны знакамітых беларусаў

Abstract »

Каардынатар — Павел Сапоцька. Плануецца разгледзець вопыт, праблемы і перспектывы адраджэння, захавання, папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай спадчыны знакамітых дзеячоў беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку сродкамі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.

13. Гендэрныя “правілы”: дыскурсы, палітыкі і практыкі

Abstract »

Каардынатарка — Таццяна Шчурко. Цэнтральныя пытанне для разважанняў — якая гендэрная ідэалогія хаваецца за сучаснымі дзяржаўнымі рэформамі, і якая гендэрная сістэма існуе ў сучаснай Беларусі. Агульнавядома, што адносіны ў грамадстве рэгламентуюцца пэўнымі правіламі — фармальнымі і / або не фармальнымі, — якія ствараюцца і прайграваюцца праз пэўныя загады: што лічыць сацыяльна пажаданай і прымальнай нормай, а што не. Даследавання «нарматыўнасці» падаюць магчымасць высветліць прычыны і ўмовы жывучасці гендэрных стэрэатыпаў і існуюць у грамадстве гендэрных роляў, культурных і традыцыйных асаблівасцяў, канцэпцыі роўнасці, што ў сваю чаргу, дазваляе выявіць бар’еры на шляху дасягнення гендэрнай роўнасці. Мэтай дадзенай панэлі з’яўляецца стварэнне дыскусійнай платформы для выяўлення / аналізу палітычных і рытарычных стратэгій, якія вызначаюць мэты і задачы беларускай сучаснай (сацыяльнай, сямейнай, дэмаграфічнай) палітыкі і канкрэтныя меры, што прымаюцца дзяржавай у адносінах розных груп грамадзян па прыкметах гендэрных / сэксуальных ідэнтычнасцяў.

Праца ў секцыі будзе арганізавана ў выглядзе круглых сталоў, панэльных дыскусій. Папярэднія тэмы:
• Фемінізм і гендэрныя даследаванні ў Беларусі і на постсавецкай прасторы
• «Неакансерватыўныя рэвалюцыі»: праблемы і наступствы
• Жаночы грамадска-палітычны ўдзел: міф ці рэальнасць
• (Не)нарматыўная сэксуальнасць і праблемы гамафобіі
• Трансфармацыі сучаснай сям’і: практыкі штодзённасці і сацыяльныя інстытуты
• Рэпрадуктыўныя правы як прастора для палітычных маніпуляцый
• Хатні гвалт
Да ўдзелу запрашаюцца даследчыцы і даследчыкі, актывісткі і актывісты з Беларусі і іншых краін для сумеснага асэнсавання канкрэтных ўладных палітык і практык канструявання гендэрных нормаў і «правілаў» як у Беларусі, так і за яе межамі.

14. Юрыспрудэнцыя і правы чалавека 

Правы чалавека ў Беларусі як прадмет навуковага даследавання

Abstract »

Каардынатарка — Наталля Кутузава. Навуковы напрамак: міждысцыплінарныя даследаванні
Задачы секцыі:
Кансалідацыя навуковай супольнасці, які працуе ў гэтай сферы,
«Рэвізія» даследчага поля,
прэзентацыя даследчых праектаў,
выяўленне магчымасцей для выкарыстання даследаванняў у механізмах нацыянальнай і міжнароднай сістэмах абароны правоў чалавека.
Дыскусійныя панэлі:
1. Тэматыка правоў чалавека ў гісторыі і інтэлектуальнай думкі Беларусі і рэгіёну польска-беларускага-украінскага-літоўскага памежжа: фарміраванне праблемнага поля.
2. Асноўныя тэарэтыка-метадалагічныя падыходы да вывучэння правоў чалавека і магчымасці эмпірычных даследаванняў.
3. Абмежаванні правоў чалавека: параўнальны аналіз практык Беларусі і іншых краін.
У рамках секцыі адбудзецца прэзентацыя даследчых праектаў.
Круглы стол: «Роля даследаванняў у механізмах нацыянальнай і міжнароднай сістэм абароны правоў чалавека».

(c) 2019 Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі
  • ru
  • en
  • lt

Многоязычный WordPress с WPML