1. Міжнародныя адносіны і знешняя палітыка
а) Палітычныя і эканамічныя санкцыі: ацэнка ўплыву на рэгіён
Каардынатар — Інстытут «Палітычная сфера»Эканамічныя санкцыі з’яўляюцца распаўсюджаным і супярэчлівым механізмам міжнароднай палітыкі, які выклікае шырокія дыскусіі сярод палітыкаў, аналітыкаў і навукоўцаў. Падзеі ва Украіне, санкцыі ў дачыненні да Расіі пасля анексіі Крыма, і зваротныя санкцыі Расіі супраць краінаў захаду ўзнялі праблему на новы ўзровень. Што такое санкцыі у сучаснай міжнароднай палітыцы? Якія выклікі санкцыйная палітыка нясе для рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Еўропы? Якія наступствы яны мелі і будуць мець для Беларусі? У межах панэлі мяркуецца абмеркаваць гэтыя пытанні, ацаніць рызыкі і наступствы палітыкі санкцый для рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
б) Міжнародная бяспека ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе
Каардынатар — Роберт Рыбак. Сучаснае асяроддзе бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ёсць прасторай сутыкнення цывілізацый, культураў і рэлігіяў, дзе напрацягу гісторыі адбывалася зацятая барацьба за нацыянальнае вызваленне і здабыццё дзяржаўнасці і суверэнітэту. Гэта рэгіён, бедны на прыродныя рэсурсы, якія патрабуюцца для развіцця любой краіны. Гэта таксама рэгіён, дзе найбольшая краіна напрацягу стагоддзяў абцяжарвае сумеснае існаванне, навязваючы сваю волю любой дзяржаве, якая знаходзіцца ў зоне яе ўплыву. Для гэтага яна выкарыстоўвае моцную энергетычную залежнасць еўрапейскіх краінаў, якія не змаглі адбудаваць свае эканомікі пасля распаду СССР. Вольны гандаль у рэгіёне таксама знаходзіцца пад уплывам гэтай краіны, і яна не толькі не стымулюе эканамічны рост, але наадварот спрыяе эканамічнай залежнасці слабейшых краінаў. Значную ролю ў фармаванні рэгіянальнай бяспекі таксама маюць узаемныя сімпатыі і непрыязнь, што нараджаюцца праз няспыннае развіццё міжнародных адносінаў унутры славянскай сям’і. Найлепшым прыкладам гэтага ёсць тэндэнцыя да ўзмацнення ўласнай бяспекі краінаў праз усталяванне міжнародных вайсковых стасункаў і іх штучнае ўключэнне ў сістэму бяспекі, збудаваную пасля Другой сусветнай вайны.
Каардынатар — Віталій Ткачоў. Пытанні забеспячэння энергетычнай бяспекі ўяўляюць сабой адну з першарадных задач у стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны. У большай ступені гэта адносіцца да краін, якія у дастатковай колькасці не маюць уласных запасаў энергарэсурсаў, і Рэспубліка Беларусь адносіцца да ліку такіх краін. У паліўна-энергетычным балансе Рэспублікі Беларусь пераважае адзіны від паліва (прыродны газ) і адзіны пастаўца энергарэсурсаў (Расійская Федэрацыя). Так, удзельная вага імпартуемых энергарэсурсаў з адной краіны-пастаўца дасягае 80 %. Такім чынам, пошук шляхоў выйсця з энергетычнай залежнасці набывае крытычную значнасць. У межах панэлі прапаноўваецца абмяркоўванне гэтай праблемы, а таксама іншых, як трансфармацыя Беларускай энергасістэмы да рынкавых зносінаў, мадэрнізацыя яе вытворчых фондаў і інш.
г) Мабільнасць, міграцыя і візавыя рэжымы
Каардынатар — Аляксандр Быстрык. За апошнія гады Беларусь падпісала некалькі дамоў пра спрашчэнне ці адмену візавага рэжыму з шэрагам краін свету. Літаральна ў гэты час адбываюцца перамовы па спрашчэнні візавага рэжыма паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. У той жа час перамовы пра Малы памежны рух пасля актыўнай фазы развіцця апынуліся замарожанымі. Міграцыя (асабліва нелегальная) з’яўляецца важным фактарам у дыялогу паміж беларускай уладай і еўрапейскімі краінамі. Адначасова адкрытая мяжа з Расіяй спрыяе большай мабільнасці насельніцтва ва ўсходнім кірунку. Усе гэтыя падзеі і працэсы ўказваюць на тое, што пытанні мабільнасці насельніцтва, міграцыі і візавых рэжымаў робяцца ўсё больш і больш актуальнымі. На жаль, гэтыя тэмы ў Беларусі асвятляюцца хутчэй журналістамі і актывістамі, а не даследчыкамі. Дзейнасць тэматычнай сесіі была б вельмі карыснай для запаўнення гэтага прагалу.
д) Сярэдняя Еўропа ў палітыцы вялікіх дзяржаў
Каардынатар — Аляксандр Пяганаў.У першай палове ХХ стагоддзя Сярэдняя, ці Цэнтральня Еўропа шматкроць станавілася арэнай для спаборніцтва і канфліктаў паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама палітычнага, эканамічнага і культурнага узаемаабмену. Падчас і паміж Першай і Другой Сусветнымі войнамі Сярэдняя Еўропа станавілася аб’ектам прыхаванай ці наўпроставай экспансіі. Гэты рэгіён меў істотны ўплыў на нацыянальныя і імперскія мэты вялікіх дзяржаваў, таму Шарьл Дэ Голь і Ўінстан Чэрчыль першымі назвалі дадзены перыяд “Другая Трыццацігадовая вайна”. Тэма ўмяшальніцтва вялікіх дзяржаваў у справы Сярэдняй Еўропы ў 1914-1945 гадах дагэтуль мае шэраг недаследаваных напрамкаў, у прыватнасці магчымасць сінтэтычнага параўнання. Прапанаваная панэль плануе аб’яднаць да дваццаці даследчыкаў, зацікаўленых у праблеме палітыкі вялікіх дзяржаваў у дачыненні да Сярэдняй Еўропы паміж 1914 і 1945 гадамі. Ядро гэтай групы складаюць гісторыкі, якія вядуць супрацу над кнігай “Палітыка вялікіх дзяржаваў у дачыненні да Сярэдняй Еўропы ў 1914-1945 гадах”. Мы вітаем даклады, што разглядаюць палітыку любой вялікай дзяржавы (Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччна, Расія, Італія, ЗША, Японія) у дачыненні да Сярэдняй Еўропы, як агулам, гэтак і ў дачыненні да нейкай адной краіны. Працоўнай мовай панэлі з’яўляецца ангельская.
е) Ідэі аднаўлення адзінства прасторы ВКЛ у ХХ – пачатку ХХІ ст.
Каардынатар — Андрэй Валодзькін. Плануецца прысвяціць секцыю абмеркаванню праектаў і ідэй аб’яднання краін-спадкаемцаў ВКЛ у ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Прапануецца падзяліць яе на 2 панэлі: першая — ідэі аднаўлення ВКЛ у часы фармавання нацыянальных дзяржаў у рэгіёне (пачатак ХХ ст.), другая — Ідэі аднаўлення адзінства прасторы ВКЛ у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст.
Каардынатар — Міраслаў Філіповіч. Адпраўной кропкай з’яўляецца гіпотэза, што краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы аб’ядноўвае агульная культурна-гістарычная спадчына і вынікаючая з яе “ідэйная еднасць” рэгіёна, заснаваная на агульнасці ідэй, каштоўнасцяў, сімвалаў і архетыпаў. Яны адлюстраваны ў характэрным для ЦУЕ імкненні да свабоды, прызнанні каштоўнасці свабоды асобы, каштоўнасці дэмакратыі, механізмаў вольнага рынку і нарэшце плюралізму светапоглядаў. Мірнае звяржэнне камуністычных рэжымаў, паварот да дэмакратыі, адбудова механізмаў гаспадаркі вольнага рынку і ўступленне ў НАТА і ЕС пацвярджае гэта. Гэтая “ідэйная еднасць” не толькі надае форму культурнаму і грамадскаму ландшафту рэгіёна, але таксама ўплывае на спосаб фармулёўкі інтарэсаў, і на еўрапейскую і міжнародную гаспадарчую палітыку ЦУЕ. Ідэя агульнай гісторыка-культурнай спадчыны і свядомасць існавання адзінай, у акрэсленай кансістэнцыі і складзе, прасторы ідэяў і інтарэсаў, адчуваецца таксама ў творчасці літаратараў паходзячых з асобных краінаў ЦУЕ, такіх як Мілан Кундэра, Чэслаў Мілаш, Дзьёрдзь Конрад, Вацлаў Гавел ці Анджэй Стасюк. Іх вобразы света, хаця і відавочна розныя, аб’ядноўвае шмат кропкаў судакранання. Уключаныя ў гэтыя вобразы канцэпцыі і ідэі на сённяшні дзень прысутнічаюць як у калектыўнай памяці, так і ў публічных дэбатах. “Ідэйная еднасць” ЦУЕ, хоць і ёсць крыніцай пачуцця адрознасці і еднасці рэгіёну, і стварыла падставы да эфектыўнага палітычнага і гаспадарчага супрацоўніцтва ў рэгіёне, напрыклад Вышаградская група, не ёсць панацэяй ад праблемаў і вызаваў, з якімі сутыкаюцца краіны ЦУЕ сёння. Гэтая не да канца акрэсленая і эвалюцыянуючая ідэйная прастора, якая абапіраецца на агульнай гісторыка-культурнай спадчыне, з’яўляецца ўнікальнай адпраўной кропкай да дэбатаў на тэму перспектываў узросту і развіцця ў рэгіёне ЦУЕ, асабліва бяручы пад увагу Беларусь і Украіну.
з) З’яўленне Беларусі на палітычнай мапе Еўропы (ад распаду СССР да 1994 года) ў польскай палітычнай і праўнай думцы.
Каардынатар — Павел Фіктус.
Панэль плануе абмеркаваць тое, якім чынам з’яўленне Беларусі на мапе Еўропы было ацэнена ў польскай палітычнай і праўнай думцы. Беларусь не была незалежнай дзяржавай у дачыненні да Літвы, Латвіі і Эстоніі, таму ўсталяванне дыпламатычных кантактаў з Беларуссю адрознівалася ад гэтай працэдуры ў дачыненні да балтыйскіх краінаў. Асаблівая ўвага ў межах панэлі будзе нададзеная асобе Станіслава Шушкевіча – старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які 8 снежня 1991 года разам з прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным і прэзідэнтам Украіны Леанідам Краўчуком падпісаў Белавежскія пагадненні, якія абвесцілі пра распад СССР.
і) Гібрыдная вайна: сучасныя выклікі бяспецы і магчымыя адказы
Каардынатарка — Greta Tuckute.Мэтай гэтай панэлі ёсць аналіз гібрыдных мераў і дзеянняў у сучасных канфліктах, якія ўключаюць наступныя інструменты: інфармацыя і прапаганда, кібератакі, неканвенцыйныя ўзброеныя сілы і аперацыі, перашкоды ў пастаўках электраэнергіі, эканамічныя пагрозы. Адказы на гэтыя дзеянні маюць хутчэй рэактыўны характар, бо гібрыдныя захады ўвесь час мяняюцца. Іх пастаянная змена ўскладняе магчымасці апераджальнага і заснаванага на законе адказу. Вайна ва Ўкраіне паказала, што гібрыдныя захады і гібрыдная вайна ў поўный меры праводзіцца адной краінай супраць іншай, пры гэтым гібрыдны аспект гэтых дзеянняў дазваляе агрэсару ўступаць у спекулятыўную палеміку. Мы запрашаем экспертаў і навукоўцаў абмеркаваць аспекты гібрыднай вайны, адказы на іх і пагрозы для бяспекі ў рэгіёне.