English>>>
3-5 кастрычніка 2014 года у Коўне адбудзецца найбуйнейшая беларуская акадэмічная падзея – Чацвёрты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
Больш за 450 навукоўцаў з 20 краін сустрэнуцца ва Універсітэце Вітаўта Вялікага дзеля абмеркавання вынікаў сваёй даследчай працы за год. Традыцыйна ў фокусе ўвагі Кангрэса будзе не толькі Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Плануецца разгляд шырокай праблематыкі ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры.
На пленарным пасяджэнні (3 кастрычніка, 10.00-13.00) вядомыя інтэлектуалы Мікола Рабчук (Украіна) і Ігар Бабакоў (Беларусь) пазначаць асноўныя інтэлектуальныя і грамадскія выклікі, якія стаяць сёння перад краінамі нашага рэгіёну, асабліва ў кантэксце крызісу ва Украіне. Пленар будзе сінхронна перакладацца на ангельскую мову.
У межах секцый вялікая ўвага будзе нададзеная наступствам украінскага крызісу для Беларусі і рэгіёну (3 кастрычніка 15.00-16.30), палітыцы Кітая ў дачыненні да краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (4 кастрычніка, 15.00-16.30), праблемам мясцовай палітыкі ў ЦУЕ (3 кастрычніка 15.00-19.00) і многім іншым праблемам. Дыскусіі па першых дзвюх тэмах будуць сінхронна перакладацца на рускую і ангельскую.
У межах гуманітарнага блоку плануецца разгляд праблемаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзя, сучаснай беларускай культуры і літаратуры, гендэрных даследаванняў і г.д.
Праграму Кангрэса можна паглядзець тут: http://icbs.palityka.org/news-by/papiaredniaja-prahrama-iv-kanhresa-2014/
Акрамя гэтага, ў рамках Кангрэса пройдуць прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў (4 кастрычніка, 17.00-19.00), а таксама наданне Прэміі Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012-2013 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Ацэнку працаў, намінаваных на Прэмію, праводзілі больш за 30 экспертаў. Шорт-ліст прэміі, а таксама падрабязная інфармацыя пра яе знаходзіцца тут: http://icbs.palityka.org/premija-kanhresa/short-list/
Кангрэс пачынае працу 3 кастрычніка а 10.00 (пятніца) і завяршаецца 5 кастрычніка а 14.00 (нядзеля).
Уваход вольны, але пажаданая рэгістрацыя на сайце Кангрэса:
http://icbs.palityka.org/4th-international-congress-of-belarusian-studies.htm
Будзем радыя адказаць на любыя пытанні і ўдакладненні.
Кантакты:
E-mail: [email protected]
Tel. (BEL) + 375 29 673 32 96
Tel. (LT) +370 638 70 911
Fax. + 370 37 20 38 58
Web: http://icbs.palityka.org
Даведка: Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у якой удзельнічаюць усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, якія даследуюць палітыку, грамадства і культуру Беларусі. Акрамя таго, Кангрэс – гэта выдатная магчымасць дзеля распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталёўвання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін.