Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра стварэнне новай Прэміі за найлепшую навуковую публікацыю на беларускую тэматыку для замежных даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук.
У адрозненне ад Прэміі за лепшую навуковую публікацыю, якая надаецца з 2013 года, гэта Прэмія засноўваецца для вызначэння тых прац, якія створаны аўтарамі, што не маюць беларускага паходжання, не жылі і не працавалі ў Беларусі. Яе мэта – адзначыць тыя замежныя працы, якія зрабілі істотны ўнёсак у развіццё веды пра Беларусь у свеце.
На конкурс у 2015 годзе прымаюцца толькі манаграфіі (кнігі), выдадзеныя на англійскай альбо рускай мове ў 2013-2014 гг., прапановы можна падаваць на адрас [email protected] да 15 траўня 2015 года.
Таксама прадугледжваецца, што ў будучыні з меншай рэгулярнасцю будуць стварацца адмысловыя конкурсы для публікацый на нямецкай і польскай мовах.
Урачыстае наданне прэміі адбудзецца на Пятым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 2-4 кастрычніка 2015 года. Дадзеная Прэмія носіць ганаровы характар і не прадугледжвае грашовага ўзнагароджання.