Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра чарговы збор намінацый для Прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, якія былі надрукаваныя ў 2017 годзе.
Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковых даследаванняў.
Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.
Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 1 верасня 2018 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут.
Урачыстае наданне прэміі адбудзецца напрыканцы 2018 года. Дэталі будуць абвешчаныя пазней.
Фундатары Прэміі: Беларускі дабрачынны фонд (Лондан), Беларускі Інстытут Амерыкі, сям’я Кіпель (ЗША).
Намінацыі:
Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:
– Гісторыя.
– Гуманітарныя навукі: філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.
– Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.
Праводзіцца асобны конкурс для манаграфій і артыкулаў.
З 2014 года Прэмія па гуманітарных навуках аб’ядналася з Прэміяй імя Зоры Кіпель, якая надавалася Паўночнаамерыканскай асацыяцыяй даследчыкаў Беларусі.
Лаўрэаты Прэміі 2014, 2015, 2016 і 2017 гадоў
Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.
Працэдура:
Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных радаў, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін: cпіс экспертаў Прэміі Кангрэса
Для разгляду прымаюцца працы, якія былі надрукаваныя ў 2017 г., а таксама надрукаваныя ў 2016 г., калі гэтыя працы не былі намінаванымі падчас папярэдняга конкурсу. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным, двума ці некалькімі аўтарамі (у выпадку калектыва аўтараў праца мусіць быць пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).