Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе збор намінацый на Прэмію за найлепшую навуковую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін па вынікам 2018 года .
Задача прэміі – адзначыць найлепшыя дасягненні ў сацыяльных, палітычных і гуманітарных навуках, заахвочваць даследчую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковых даследаванняў.
Запрашаем прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці вылучыць на Прэмію найлепшыя навуковыя публікацыі і зрабіць свой унёсак у папулярызацыю дасягненняў беларускай навукі і ўзнагароджанне іх аўтараў за іх дасягненні.
Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 25 красавіка 2019 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут.
Урачыстае наданне прэміі адбудзецца 28 верасня 2019 падчас VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Вільні (Літва). Дэталі будуць абвешчаныя пазней.
Фундатары Прэміі: Беларускі дабрачынны фонд (Лондан), Беларускі Інстытут Амерыкі, сям’я Кіпель (ЗША).
Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:
– Гісторыя.
– Філасофія.
– Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.
Праводзіцца асобны конкурс для навуковых манаграфій і артыкулаў.
Лаўрэаты Прэміі 2014, 2015, 2016, 2017 і 2018 гадоў.
У гэтым годзе мы праводзім асобны конкурс па філасофіі, будуць разглядацца публікацыі за 2015-2018 гг.
Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.
Працэдура:
Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных рад, якія складаюцца з беларускіх і замежных навукоўцаў: cпіс экспертаў Прэміі Кангрэса
Таксама Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі абвяшчае конкурс на лепшую студэнцкую працу, абароненую ў 2016/2017 і 2017/2018 па беларускай тэматыцы. Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні беларускіх студэнтаў у сацыяльных і гуманітарных навуках, падтрымаць іх творчую і даследчую актыўнасць, а таксама паспрыяць паляпшэнню якасці студэнцкіх пісьмовых прац.
Заклікаем аўтараў, а таксама іх навуковых кіраўнікоў намінаваць лепшыя студэнцкія працы і, такім чынам, паспрыяць вызначэнню лепшых студэнцкіх дасягненняў у сацыяльных і гуманітарных навуках.
Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях: лепшая магістарская праца, лепшая бакалаўрская праца, лепшая творчая праца.
Вылучыць на прэмію можна любую працу, абароненую ў беларускай ВНУ ці ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Для гэтага трэба даслаць працу на адрас [email protected] да 25 красавіка. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут.
Арганізатарамі і партнёрамі Кангрэса выступаюць: Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск), Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Каўнас), Універсітэт Вітаўта Вялікага (Каўнас, Вільня), Міністэрства замежных спраў Літвы і іншыя
Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, ўсталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.
Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічным і грамадскім асяроддзі краіны, рэгіёну і свету.
На Кангрэс збіраюцца звыш 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і замежжа, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне Прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па выніках 2018 года.